Колькі можа каштаваць Беларусі адарвацца ад Расіі? Адказвае эканаміст Дзмітрый Крук
Адкуль возьмуцца грошы? Хто будзе за гэта плаціць? / LookByMedia
У чацвёртым выпуску праекта Аляксандра Кныровіча і Еўрарадыё "Беларусь пасля Лукашэнкі" разам з эканамістам Дзмітрыем Круком абмяркоўваем, што дасць Беларусі пераарыентацыя эканомікі з Расіі на Еўрапейскі саюз.
Колькі гэта будзе каштаваць? Адкуль возьмуцца грошы? Хто будзе за гэта плаціць? Колькі каштуе свабода?
— Калі зыходзіць з таго, што ніякай знешняй падтрымкі не будзе, і разглядаць адзін з больш цяжкіх сцэнарыяў, то плата будзе не ў прамым, а ў пераносным сэнсе. Яна можа выяўляцца ў тым, што на пэўны час знізіцца аб'ём вытворчасці і прыкладна на 10 % скароцяцца рэальныя заробкі. Вось у гэтым і будзе заключацца плата, — прагназуе Крук.
Але гэта сцэнарый без падтрымкі беларускай эканомікі. А якая цана падтрымкі і хто за яе заплаціць?
— Калі ж паставіць пытанне інакш — як максімальна згладзіць гэты пераходны перыяд і зрабіць яго менш балючым, — тады дадатковая падтрымка сапраўды будзе вельмі дарэчнай. Яна магла б дапамагчы кампенсаваць, напрыклад, негатыўны эфект ад больш дарагіх энерганосьбітаў.
Нават тыя адносна сціплыя пакеты падтрымкі з боку Еўрапейскага саюза, якія былі абвешчаныя яшчэ ў 2020 годзе і складаюць некалькі мільярдаў еўра, могуць кампенсаваць амаль усе магчымыя пагаршэнні ў так званым пункце Б.
Напрыклад, у базавым сцэнарыі без якой-небудзь падтрымкі гэты ўмоўны пункт Б выглядае прыкладна на 3,9% горш за сённяшні статус-кво. Але калі выкарыстаць падтрымку ЕС і задзейнічаць шэраг пазітыўных механізмаў ужо на першых этапах, то гэтыя страты будуць амаль незаўважнымі.
Такая ж логіка дзейнічае і ў дачыненні да пераходнага перыяду. Калі мы хочам пазбегнуць сур’ёзных страт і зрабіць пераход ад пункта А да пункта Б максімальна плаўным, тады ваша пытанне сапраўды становіцца актуальным: нехта павінен дапамагчы.
Фактычна Беларусі патрэбная свайго роду падушка бяспекі. Яна можа быць арганізаваная ў выглядзе знешніх пазыкаў або іншых інструментаў падтрымкі.
У самым складаным сцэнарыі гаворка можа ісці пра сумы да 10 мільярдаў еўра.
Гэта значныя грошы, але не нейкія катастрафічныя або непад’ёмныя сумы, — упэўнены эканаміст.
Наўрад ці Расія не будзе ставіць палкі ў колы Беларусі. Што тады?
— Калі ж з боку Расіі будзе не проста супрацьдзеянне, а вельмі актыўнае супрацьдзеянне — не вайсковае, як ва Украіне, але накіраванае на блакаванне любых магчымасцяў для нармальнага эканамічнага супрацоўніцтва, — то дадатковыя страты могуць аказацца большымі.
У такім выпадку хацелася б, каб гэтыя страты не перакладаліся на плечы людзей, каб пераходны спад не стаў яшчэ больш глыбокім і працяглым. Таму было б пажадана кампенсаваць яго за кошт падтрымкі Еўрапейскага саюза, — лічыць Дзмітрый Крук.