Лукашэнка дорыць кветкі Меркель і ўсміхаецца Аланду — фотарэпартаж

Перамовы ладараў Францыі, Германіі, Украіны і Расіі ў Мінску расцягнуліся больш чым на 5 гадзінаў. Калі яны скончацца і чым — невядома. Кіраўнікі краін нават перапыніліся на абед. Еўрарадыё прапануе паглядзець, як усё пачыналася ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. Дарэчы на здымках можна заўважыць, што Парашэнка трымаецца разам з Меркель і Аландам, а Пуцін ходзіць побач з Лукашэнкам.

Журналістаў у Палац Незалежнасці пачалі запускаць загадзя — у 14.30. Праверка апаратуры і рэчаў надзвычай дбайная, але ветлівая. Супрацоўнікі службы аховы таксама падкрэслена карэктныя. Унутры Палаца нязвыкла глядзеліся французскі і нямецкі сцягі. Прычым апошні чамусьці паўсюль — у цэнтры.

Чаканне лідараў расцягнулася на тры гадзіны. Толькі пасля сёмай прыехаў Парашэнка, праз 20 хвілін пасля яго Аланд з Меркель. Апошнім — Пуцін. Прычым амаль не спазніўся — усяго на хвілін 20. 
“Добрая навіна для ўсіх нас”, — жартавалі супрацоўнікі службы аховы.

Лукашэнка на сустрэчы гасцей трымаецца падкрэслена ветліва, нават крыху хвалюецца. Прынамсі, такое ўражанне. Парашэнку цісне руку, Аланду ўсміхаецца, Меркель дорыць кветкі і аб нечым распытвае. Абдымае толькі Пуціна, але праз рост апошняга тое выглядае крыху камічна.

Чакаць пратакольнага выхаду да журналістаў і сумеснага фатаграфавання прыходзіцца амаль дзве гадзіны. 

“Пратакол парушаны, ход далейшых падзей прадказаць немагчыма”, — гавораць у ахове. Але у холе Палаца незалежнасці Лукашэнка з “нармандскай чацвёркай” усё ж фатаграфуецца. Прычым да сцягоў ідзе ізноў побач з Меркель, а не як звыкла — з Пуціным.

Далей перамовы праходзяць за закрытымі дзвярыма. У кулуарах можна сустрэць міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея альбо дарадцу Пуціна Суркова. Але а другой гадзіне ночы сонным журналістам не да іх.

Фота: Reuters, AFP, ria.ru, ЕРА, Белта, kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі