Лукашэнка і Юшчанка могуць разам адсвяткаваць Дзень незалежнасці ЗША

Крыніцы ў Кіеве называюць 4 ліпеня найбольш прымальнай датай сустрэчы прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі і Аляксандра Лукашэнкі, пасля таго як запланаваны на 27 чэрвеня ў Чарнігаве беларуска-украінскі «саміт» быў перанесены па просьбе Беларусі на першую палову ліпеня. Нягледзячы на тое, што сустрэча Юшчанка-Лукашэнка ўжо рыхтуецца на працягу апошніх трох гадоў, афіцыйна аб ёй будзе абвешчана толькі пасля таго, як прэзідэнты двух краін паціснуць рукі. Але не раней, што абумоўлена зразумелым нежаданнем бакоў выклікаць гэтай сустрэчай раздражненне ў сваіх саюзнікаў – Расіі і Еўропы.

«У Мінска і Кіева - свой дыялог. То абмяркоўваюць нафтагазавы транзітны саюз, то на Украіне аказваецца рээкспартная расійская нафта, то вайсковымі дэлегацыямі абменьваюцца (з краінай, што ўжо адной нагой у НАТА), то "выплывае", што Беларусь будуе два спадарожнікі, але адзін на Украіне, і што ёсць пратаколы аб супрацоўніцтве з украінскай атамнай галіной», - агучыў вядомы расійскі эксперт Андрэй Суздальцаў магчымы парадак перамоў Юшчанкі і Лукашэнкі.

«Для Мінска Кіеў - адзін з рэзервовых "уваходаў" у ЕС і НАТА, магчымасць заўсёды пошантажаваць Маскву», - дадаў ён.

І усё жа, па яго словах, ёсць яшчэ адна перашкода, якая на працягу некалькіх гадоў не дазваляе бакам кінуцца ў дружалюбныя абдымкі, і справа ў дадзеным выпадку не ў стаўленні да такога пытання як дэмакратыя з боку кіруючых краін-суседак.

«Хоць Украіна і Беларусь адносяцца да адной "энергетычнай" групы краін на постсавецкай прасторы - энергозалежных, транзітных дзяржаў, варта памятаць, што паміж украінскімі і беларускімі палітычнымі класамі яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзі прабегла вельмі чорная котка», - падкрэсліў эксперт.

«Разам ім ніколі не быць. Нават супраць Расіі», - лічыць Суздальцаў.

АФН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі