Лукашэнка: Мы даём вялікую свабоду бізнэсу
У Беларусі бізнэсу дадуць большую свабоду, але і адказнасць за парушэнні мусіць быць строгая. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 верасня падчас дакладу дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзіма Іпатава. Даклад датычыў законапраекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Па словах Іпатава, якія перадае прэс-служба Лукашэнкі, праект дакумента накіраваны на лібералізацыю заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці ў сферы прадпрымальніцтва.
На гэта кіраўнік дзяржавы адказаў: "Мы даём вялікую свабоду нашаму бізнэсу. Беспрэцэдэнтную свабоду і льготы — ідзіце працуйце. З іншага боку, вельмі строгая адказнасць за парушэнні. Каб не атрымалася, што мы прадэкларавалі адказнасць суб'ектаў гаспадарання, юрыдычных асоб, рамеснікаў і іншых за парушэнні, а на самай справе другім нарматыўным прававым актам — законам — перакрэслілі ўсё гэта: свабода поўная — адказнасці мала або яе няма. Каб гэты баланс быў датрыманы".
Лукашэнка згадаў, што прадстаўнікі бізнэсу скардзіліся на занадта цяжкія штрафы ды іншыя адміністрацыйныя пакаранні. Новы дакумент прапануе істотна зменшыць сумы штрафаў па некаторых артыкулах, скараціць сферу канфіскацыі маёмасці.
Таксама плануецца пашырыць пералік падстаў для вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці пры ўмове ліквідацыі парушэнняў.
Праект закона яшчэ мае абмеркаваць Палата прадстаўнікоў. Па словах Лукашэнкі, закон мяркуецца ўвесці ў дзеянне да 1 кастрычніка.