Лукашэнка: нашы людзі не прывыклі перамяшчацца па дрэнных дарогах
Мясцовая дарожная сетка ў Беларусі павінна быць даведзена да ладу на працягу трох-чатырох гадоў. Такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка на нарадзе, прысвечанай развіццю мясцовых аўтамабільных дарог. Яе запланавалі яшчэ ў канцы мінулага года пасля адкрыцця МКАД-2.
“Пытанне не проста наспела. Яно пераспела з-за пэўных прычын, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Стаіць задача выявіць падчас нарады фактары, якія прывялі да нездавальняючага стану мясцовых дарог, знайсці шляхі вырашэння існуючых праблем”.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў нашай краіне дастаткова тэхналогій для якаснага рамонту дарог. Таксама ён прыгадаў: “Дарогі мы дамовіліся рабіць з бетонным пакрыццём. Калі гэта сёння па-ранейшаму актуальна і выгадна… значыць, трэба рабіць дарогі максімальна бетонным пакрыццём. Дзе гэта немагчыма — значыць, асфальт і бетон”. Ён адзначыў, што ў гэтай справе наладзіць “жалезны кантроль за губернатарамі”.
У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка выказаўся на конт таго, што шмат увагі надаецца развіццю сеткі асноўных рэспубліканскіх аўтамагістраляў, а “пытанні мясцовых дарог адышлі на другі план”. “Гэта прывяло да з’яўлення справядлівых нараканняў з боку насельніцтва на стан дарожнай сеткі ў рэгіёнах, — кажа Лукашэнка. — Па розных ацэнках, ад шасці да дзесяці тысяч кіламетраў дарог патрабуюць неадкладнага рамонту. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што нашы людзі не прывыклі перамяшчацца па дрэнных дарогах”.
Кіраўнік Беларусі згадаў, што мясцовыя ўлады наракаюць на недахоп сродкаў. “Сродкаў заўсёды не хапала, нават у савецкія часы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў пра пошліну на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Хаця і прызнаў, што гэтых сродкаў для аднаўлення і рамонту дарог недастаткова.