Лукашэнка: Невядома, што заўтра будзе з доларам (відэа)
У панядзелак кіраўнік дзяржавы выказаўся пра сітуацыю на фінансавым і валютным рынку.
У Беларусі ў сённяшняй сітуацыі на фінансавым і валютным рынках не будуць стрымліваць імпарт тавараў. Пра гэта 22 снежня заявіў Аляксандр Лукашэнка, які прымаў з дакладамі памочнікаў кіраўніка дзяржавы па Віцебскай і Гродзенскай абласцях Мікалая Шарсцнёва і Уладзіміра Даманеўскага.
Лукашэнка падзякаваў беларусам за тое, што яны дапамаглі разгрузіць склады прадпрыемстваў, масава купляючы пральныя машыны, бытавую тэхніку. З іншага боку яго здзіўляе, чаму людзі аддаюць перавагу імпартнай тэхніцы, а не айчыннай.
"Гэта справа людзей: купляюць — няхай купляюць. Я сёння аддаў распараджэнне, асабліва ў Мінску, каб мы ні ў якім выпадку не стрымлівалі тавар па імпарце і каб на гэтым імпарце па-ранейшаму пасярэднікі і гандлёвыя работнікі не нажываліся", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба.
Паводле слоў Лукашэнкі, "стрымліваць імпарт ні ў якім выпадку нельга", паколькі ён ўсё роўна "будзе значна даражэйшы, чым айчынныя [тавары]".
"Што датычыць валютнага рынку, людзі ўжо зразумелі, што нельга такую высокую цану плаціць за долары і еўра. І гэта правільна. У рэшце рэшт, сапраўды лепш купіць нейкі тавар, чым купляць долар. Невядома, заўтра што з ім будзе", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Фота — ria.ru