Лукашэнка патлумачыў, навошта беларусам патрэбен вайсковы парад
3 ліпеня Аляксандр Лукашэнка выступіў з прамовай на парадзе ў гонар Дня незалежнасці. Пачаўшы з падзей 74-гадовай даўніны, калі Мінск быў вызвалены ад нямецкіх войскаў, кіраўнік Беларусi хутка перайшоў да сённяшніх рэаліяў.
Па яго словах, сусветны баланс, "які быў парушаны ў канцы мінулага стагоддзя", "да гэтага часу не атрымалася аднавіць". Беларусь у гэтых умовах выступае ініцыятарам міжнароднага дыялогу, "накіраванага на ўмацаванне архітэктуры міжнароднай бяспекі".
Лукашэнка падкрэсліў намер Беларусі ўзаемадзейнічаць як з Захадам, так і з Усходам: умацоўваць саюз з Расіяй, пашыраць супрацоўніцтва з Кітаем, працягваць дыялог з Еўропай і ЗША.
"Пры гэтым наша гістарычная памяць сведчыць: мірнае неба і стваральная праца павінны быць надзейна абароненыя. Расслабляцца нельга! Таму мы прымаем самыя неабходныя меры па ўмацаванні ваеннай бяспекі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Важкі ўнёсак у падтрыманне высокай абароназдольнасці краіны ўносяць Узброеныя сілы. Яны прыведзеныя ў адпаведнасць з новымі выклікамі і пагрозамі XXI стагоддзя.
На належным узроўні падтрымліваецца боегатовасць рэгіянальнай групоўкі войскаў. Рэалізуецца паслядоўнае ўзмацненне Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Кожны беларус можа быць упэўнены ў гатовасці нашай дзяржавы абараніць нашыя суверэнітэт і незалежнасць".