Лукашэнка пра саміт: І накармілі, і ўсім забяспечылі, выпілі вёдры кавы
Кіраўнік Беларусі выказаўся пра вынікі мінскага саміту па сітуацыі на Данбасе.
Раніцай 12 лютага ў Мінску скончыўся двухдзённы саміт "нармандскай чацвёркі" — лідараў Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі. Пра яго вынікі выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, "Беларусь выканала сваю ролю" і ён гэтым задаволены.
"І накармілі, і ўсім забяспечылі — вы бачылі, як гэта было арганізавана... Елі яечню, сыр, малочныя прадукты, выпілі некалькі вёдраў кавы", — сказаў кіраўнік дзяржавы пра ўдзельнікаў саміту.
Лукашэнка пахваліў Меркель, Аланда, Парашэнку і Пуціна за тое, што яны "вытрымалі гэты марафон" (перамовы працягваліся 16 гадзінаў). "Пытанні вайны і міру вырашаюцца месяцамі, а то і гадамі, а тут удалося дасягнуць пагаднення аб прыпыненні вайны на працягу толькі 15 гадзінаў. Малайцы!", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.