Лукашэнка: "Праграма будзе абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай"

Лукашэнка: "Праграма будзе абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай"

26 красавіка Аляксандр Лукашэнка наведаў Ельскі раён Гомельскай вобласці. Ён сустрэўся з мясцовымі жыхарамі ды выказаўся на актуальныя тэмы. Кіраўнік дзяржавы распавёў, якая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучую пяцігодку будзе прапанаваная для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе, які мусіць адбыцца ў бліжэйшы час.

"Праграма будзе абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы будзем планаваць, зыходзячы з нашых магчымасцяў. У тым, што мы можам прыстойна дадаць, няма ніякіх сумненняў. Зарука гэтага — мадэрнізацыя, якую мы правялі".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мадэрнізацыя закранула не толькі сельскую гаспадарку і дрэваапрацоўку, але вялікія сродкі былі ўкладзены ў прамысловасць. Ён выказаў упэўненасць, што за крызісам у развіцці сусветнай эканомікі абавязкова пачнецца яе рост. І якраз у той час мусяць даць аддачу мадэрнізаваныя прадпрыемствы. Беларуская эканоміка павінна "зрабіць значны рывок".

Абгрунтоўваючы неабходнасць правядзення Усебеларускага народнага сходу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "людзям патрэбны арыентыры", ім "трэба паказаць, як будзем жыць заўтра". Пры гэтым не трэба баяцца сказаць праўду, "што мы штосьці не зрабілі, недапрацавалі", сказаў кіраўнік дзяржавы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі