Аляксандр Лукашэнка прыгразіў чыноўнікам турмой за хлусню (відэа)
Кіраўнік Беларусі правёў нараду па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Як паведамляе БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў пра адказнасць за хлусню ў пытанні разгрузкі складскіх запасаў.
Звяртаючыся да прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, ён заявіў: "Я папрасіў бы вас, Міхаіл Уладзіміравіч, а яшчэ больш — міністраў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, мець на ўвазе. Уся гэта хлусня па разгрузцы складоў, як гэта выглядае сёння ў нас — вывезлі ў Літву, Расію, яшчэ кудысьці, грошай не атрымалі, а склалі там у дылераў на складах трактары, аўтамабілі... Скажу публічна, гэта абернецца камусьці камерай. Вы што, забыліся, як на МАЗе давялося Бароўскаму разграбаць? Там некалькі дзясяткаў мільёнаў страчаных такім чынам грошай".
Кіраўнік краіны заявіў пра ашуканства з боку чыноўнікаў: "Я вам адпаведныя дакументы сёння накірую, і вы пачытаеце і пагледзіце, што чыняць чальцы ўрада і кіраўнікі прадпрыемстваў. Узяліся прадаваць — прадавайце. Графік вы самі пазначылі. Стэнаграма выпісана, з яе мы возьмем вашы, Сямашка, і міністраў абавязанні, вам дамо паслухаць, а потым спытаем".
Лукашэнка патрабуе, каб у Беларусь паступалі грошы за экспартаваныя тавары: "Галоўнае — гэта грошы ў краіну, а не тавар за мяжу выкінулі і паставілі там дзесьці пад плотам. Куды хочаце вязіце, але грошы павінны ў краіну паступіць".
Фота — БЕЛТА