Лукашэнка распавёў, калі скасуюць Саюзную дзяржаву з Расіяй
21 кастрычніка кіраўнік Беларусі сустрэўся са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму часта задаюць пытанне, што будзе з Саюзам Беларусі і Расіі ў сувязі з пачаткам дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза. "Я шчыра кажу: калі мы дасягнем такога ўзроўню супрацоўніцтва з Расіяй у нашым Еўразійскім саюзе, як у нас у межах двухбаковай дамовы, тады нам няма неабходнасці трымаць дзве структуры. Але пакуль мы не маем ні палітычнага складніка, ні дыпламатычнага, ні вайсковага ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза — хай гэта застанецца нейкім арыенцірам для іншых інтэграцыйных аб'яднанняў", — перадае БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.
Разам з тым, Лукашэнка адзначыў, што саюз дзвюх дзяржаваў працягне развівацца.
Мядзведзеў пагадзіўся, што Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі з'яўляецца асаблівым інтэграцыйным аб'яднаннем. Па яго словах, нягледзячы на інтэграцыйныя поспехі па іншых напрамках, уключаючы Еўразійскі эканамічны саюз, узровень ўзаемадзеяння, шырыня пытанняў на гэтым напрамку пакуль не дацягвае да ўзроўню Саюзнай дзяржавы. На думку Мядзведзева, зараз агульная задача дзвюх краінаў — нарасціць гандлёвае ўзаемадзеянне.
Фота — БЕЛТА