Лукашэнка распавёў кіраўніку АБСЕ, як трэба вырашаць канфлікт ва Украіне

21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з дзейным старшынёй АБСЕ, міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам.

Падчас сустрэчы абмяркоўвалася ўзброенае супрацьстаянне ва Украіне. Дачыч, як паведамлялася, сёння прыме ўдзел у пасяджэнні Кантактнай групы, якая будзе абмяркоўваць сітуацыю на Данбасе.

Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што да вырашэння ўкраінскага канфлікту мусілі больш актыўна падключыцца кіраўнікі дзяржаў. "Калі ўжо вайна, то, напэўна, у тэрміновым парадку павінны былі сабрацца кіраўнікі дзяржаў, абмеркаваць гэтую праблему і прыняць нейкія меры, рашэнні. Не атрымаецца — хоць бы ў вочы сказаць усё тое, што адзін пра аднаго думаюць. Пакуль гэтага не адбываецца", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка Беларусі.

Лукашэнка заявіў, што мае дваістае стаўленне да АБСЕ: "З аднаго боку, патрэбная арганізацыя, якая павінна адыгрываць значную ролю менавіта ў арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, з другога боку — недастатковая роля". Ён мяркуе, што ў гэтым віна самой арганізацыі і перш за ўсё кіраўнікоў дзяржаў.

Беларускі кіраўнік лічыць, што АБСЕ без падтрымкі кіраўнікоў дзяржаваў наўрад ці можа істотна паўплываць на сіуацыю на ўсходзе Украіны. Таму, мяркуе ён, з'яўляюцца новыя фарматы: нармандскія, берлінскія, мінскія ды іншыя. "Усё гэта магло змясціцца ў адной арганізацыі — АБСЕ, і гэта яе функцыя", — кажа Лукашэнка.

Ён выказаў прапанову заняцца рэарганізацыяй міжнародных структураў кшталту АБСЕ і ААН, каб яны не сталі маргінальнымі.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі