Лукашэнка сказаў Рыгоні, што Беларусі трэба працягваць дыялог з еўраструктурамі

Лукашэнка сказаў Рыгоні, што Беларусі трэба працягваць дыялог з еўраструктурамі

23 сакавіка ў Мінску прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і дакладчыка Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў нашай краіне Андрэа Рыгоні. Як інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Лукашэнка сказаў Рыгоні, што Беларусі трэба працягваць дыялог з еўраструктурамі. Паводле яго слоў, дыялог ідзе па ўсіх пытаннях, якія выклікаюць заклапочанасць у Савета Еўропы.

"На сённяшні дзень мы не сядзім кожны за сваім плотам, а размаўляем, — кажа Лукашэнка. — Гэта ўжо вялікая справа. У дыялогу, я думаю, нараджаецца ісціна. З часам гэтая ісціна будзе і ў нашых адносінах".

Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што "у кожнай дзяржавы ёсць свая спецыфіка, таму ўсялякія пытанні палітыкі, дыпламатыі, дэмакратыі трэба ўсё ж такі пераламляць праз тую спецыфіку, у якой знаходзіцца тая ці іншая дзяржава, у тым ліку наша".

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што Андрэа Рыгоні садзейнічае "збліжэнню пазіцый нават самых антаганістычных сілаў". Ён удзячны дакладчыку ПАСЕ за тое, што "нягледзячы на рознагалоссі па пэўных палітычных пытаннях, якія існуюць паміж намі і Еўрасаюзам, усё ж такі вы стараліся надаць нашым адносінам пазітыўную дынаміку".

Андрэа Рыгоні адзначыў адкрытасць Беларусі да дыялогу і "вельмі цёплыя і пазітыўныя адносіны" нашай краіны з Саветам Еўропы і з ЕС увогуле. Дакладчык ПАСЕ распавёў Лукашэнку, што рыхтуе даклад па сітуацыі ў Беларусі. Ён хоча зразумець краіну знутры, каб дакумент атрымаўся сумленным і справядлівым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі