Лукашэнка: У Беларусі цэны і так вельмі высокія
У чацвер у Мінску з удзелам кіраўніка дзяржавы прайшла нарада, прысвечаная актуальным эканамічным пытанням.
Аляксандр Лукашэнка 18 снежня правёў эканамічную нараду. На ёй кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь "не будзе бегчы за Расіяй" і не будзе дэвальваваць нацыянальную валюту. Ён запатрабаваў ад урада весці разлікі з Расіяй у валюце — доларах ці еўра.
Таксама гаворка ішла пра недапушчэнне неабгрунтаванага росту цэн на тавары і паслугі на ўнутраным рынку.
"За межы краіны чым даражэй прададзіце, тым лепш. Унутры краіны цэны і так вельмі высокія, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Наша насельніцтва ўжо не вывозіць тавары (а гэта барометр), а ездзіць, у прыватнасці, у Расію і Украіну, закупляе там тавары і вывозіць у Беларусь, у тым ліку і беларускія".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу насельніцтва, што стабільнасць на валютным рынку залежыць не толькі ад ураду ці Нацбанка, але і ад людзей. "Хочаце абвалу — бегайце па абменніках", — сказаў ён.