Лукашэнка ўхваліў план прымянення беларуска-расійскай групоўкі войскаў
Новы план прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі на бліжэйшыя пяць гадоў ухваліў Аляксандр Лукашэнка. Дакумент будзе разглядацца на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.
План на бліжэйшую пяцігодку прадставіў кіраўніку дзяржавы міністр абароны Андрэй Раўкоў, інфармуе БЕЛТА. Чакаецца, што план пачне дзейнічаць са студзеня будучага года.
Падчас прадстаўлення дакумента Лукашэнка пацікавіўся, наколькі ён улічвае новыя тэндэнцыі і змены абстаноўкі вакол Беларусі. На думку кіраўніка краіны, пытанне трэба разглядаць у кантэксце ўзаемадачыненняў на постсавецкай прасторы, а таксама развіцця сітуацыі ў суседніх краінах. У прыватнасці, Лукашэнка адзначыў, што нельга не лічыцца з сітуацыяй ва Украіне і патокам нелегалаў. Таксама ён звярнуў увагу на ўзмацненне групоўкі НАТА.
Лукашэнку далажылі, што ўсе гэтыя абставіны былі ўлічаныя. Апроч таго, ён азнаёміўся з тым, як прадстаўленыя інтарэсы і падыходы Беларусі ў арганізацыі, будаўніцтве і прымяненні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Таксама Лукашэнку паведамілі, якія змены хоча ўнесці ў новы план Расія.
Фота: БЕЛТА