Лукашэнка: войскі на заходніх межах прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць
Баявыя падраздзяленні беларускага войска на заходніх межах прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць. Такую заяву 18 жніўня падчас пасяджэння Саўбеза зрабіў Аляксандр Лукашэнка. Ён заклапочаны сітуацыяй, якая там склалася і пераконваў прысутных, што гэта "не нагнятанне сітуацыі". Пры гэтым ніякіх дадзеных пра канцэнтрацыю вайсковых сіл у Польшчы ці Літве не прагучала. Лукашэнка толькі згадаў нейкія заявы "прадстаўнікоў заходніх дзяржаў". Але яны найперш выказвалі заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі, дзе ўжываецца сіла ў дачыненні мірных пратэстоўцаў, але не пагражалі нашай краіне.
"Вельмі шкада, што асобныя падраздзяленні, асабліва сіл спецыяльных аперацый, нам давялося задзейнічаць для навядзення парадку ўнутры краіны, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Ну, такая пэўная частка нашага насельніцтва. Яна не тое што не разумее, яна робіць гэта спецыяльна".
Лукашэнка заявіў, што ва ўлады праблемы ёсць не толькі ўнутры краіны, але і звонку. "І тое, што гэта абсалютна скаардынаваныя дзеянні, мы ўжо бачым адкрыта, — гаварыў ён на Саўбезе. — Але гэта яшчэ нават не пік".
Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што ведае, як далей будуць разгортвацца падзеі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.