Лукашэнка загадаў абласцям "нармальна плыць і не патануць"

Лукашэнка загадаў абласцям "нармальна плыць і не патануць"

28 студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці. Як інфармавала Еўрарадыё, ён заявіў, што сельскую гаспадарку ў рэгіёне трэба мадэрнізаваць, але даўгі аграрыям спісваць не будуць (па словах прэм'ера Сяргея Румаса, гэта 3 млрд рублёў). Лукашэнка заклікаў прымусіць вяскоўцаў працаваць, але пры гэтым ім "плаціць нармальны заробак". Для гэтага патрэбны "жорсткая тэхналагічная дыктатура і дысцыпліна".

Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка неаднаразова гаварыў пра тое, што "вайна ідзе", таму няма калі займацца "балбатнёй".

"Мужыкі, я вас вельмі прашу: зразумейце сур'ёзнасць моманту, цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Грошай лішніх няма. Ідзе барацьба не на жыццё, а на смерць".

Далей кіраўнік дзяржавы развіў думку наконт таго, што трэба ўсё зрабіць, каб "не патануць".

"Ці мы патонем, ці застанемся наплаву, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Але ў нас ёсць усё для таго, каб нармальна плыць і не патануць. Мы павінны гэта вытрымаць".

Па словах Лукашэнкі, усё залежыць ад кіраўнікоў на месцах.

"Калі Віцебская вобласць выплыве, то Магілёўская і Гомельская [вобласці] дакладна не памруць, — абмалёўваў перспектывы кіраўнік дзяржавы. — Мінскай — Бог загадаў [трымацца і развівацца]. Астатнія больш-менш працуюць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі