Лукашэнка заклікаў не бегаць па абменніках
Беларусам не варта "бегчы ў абменнікі і купляць па шалёных цэнах долары". Пра гэта 9 студзеня заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
"Невядома, што яшчэ будзе з доларам і еўра. Калі нехта хоча ўкласці свае грошы ў тавары — гэта правільна. Але купляць тры, пяць, дзесяць тэлевізараў або халадзільнікаў з разлікам на тое, што гэта добрае ўкладанне сродкаў, — гэта поўнае глупства, таму што цэны на тавары падаюць. Грошы трэба трымаць у банках", — сказаў А.Лукашэнка.
Паводле яго слоў, дэвальвацыя нацыянальнай валюты на 20% адбылася па дзвюх прычынах. "Па-першае, Расія — наш буйны гандлёвы партнёр, і нашы экспарцёры пры моцным беларускім рублі пачалі несці вялікія страты пры гандлі на яе рынках. Таму нам давялося пайсці на гэты крок. І лепш было правесці дэвальвацыю аднамомантна. Кошт долара ў сярэднім узрос на 400 рублёў, гэта параўнальна нямнога, але мы падтрымалі вытворцаў. Галоўнае цяпер — вытворчасць, таму што будзе вытворчасць — будзе і рубель, будзе ўсё. Не будзе вытворчасці — не будзе і рубля", — зазначыў А.Лукашэнка.
Другой прычынай прэзідэнт назваў патрабаванні Міжнароднага валютнага фонду, які, паводле яго слоў, "прапанаваў Беларусі добры крэдыт, нават лепшы, чым дала Расія".