Лукашэнка заявіў, што ў "калійнай вайне" няма пераможцы (відэа)
Кіраўнік Беларусі прапануе "Уралкалію" вызначыцца, як дзейнічаць далей у інтарэсах кампаній і дзвюх краін.
У пятніцу ў Мінску прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і намесніка старшыні савета дырэктароў "Уралкалія", старшыні савета дырэктароў Аб'яднанай хімічнай кампаніі "Уралхім" Дзмітрыя Мазепіна. Адбылася яна з ініцыятывы расійскага госця. Лукашэнка назваў сустрэчу "гістарычнай", прыгадваючы "калійную вайну" ды "асадак", які застаўся ў адносінах паміж кампаніямі і дзяржавамі.
"Самае галоўнае — нам трэба параіцца, як будзем жыць далей, як будзем дзейнічаць у перспектыве, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Сёння мы ўжо перакананыя, што ад таго, што адбылося на калійным рынку, ніхто не выйграў як мінімум".
Дзмітрый Мазепін пагадзіўся, што канфлікт з мінулымі акцыянерамі "Уралкалія" не пайшоў на карысць калійнаму рынку.
Фота — sb.by