Лукашэнкаўскі кіраўнік МУС Кубракоў і ўкраінскі палітык Кубракоў — не сваякі

Іван і Аляксандр Кубраковы

Іван і Аляксандр Кубраковы / калаж Радыё Свабода

Лукашэнкаўскі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і ўкраінскі палітык Аляксандр Кубракоў не з'яўляюцца сваякамі.

Раней у СМІ і сацсетках пісалі, быццам Іван Кубракоў даводзіцца родным дзядзькам украінскаму палітыку. Аднак Радыё Свабода высветліла, што гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Аляксандр Кубракоў — экс-міністр інфраструктуры, былы віцэ-прэм'ер Украіны, а са студзеня 2025-га — дарадца міністра абароны Украіны. Ён нарадзіўся ў 1982 годзе ў горадзе Першатравенску (цяпер Шахцёрскае) Днепрапятроўскай вобласці Украіны. 

Іван Кубракоў нарадзіўся ў 1975 годзе ў вёсцы Малінаўка Касцюковіцкага раёна.

Упершыню звесткі пра іх сваяцтва з'явіліся ва ўкраінскіх выданнях у снежні 2020 года. Украінскія журналісты абапіраліся на тое, што бацьку ўкраінскага палітыка і брата беларускага міністра клічуць аднолькава — Мікалай Уладзіміравіч Кубракоў. Але высветлілася, што насамрэч яны проста поўныя цёзкі.

У 2015 годзе ў раённай газеце "Голас Касцюкоўшчыны" выйшла інтэрв'ю з маці Івана Кубракова — Ганнай Кубраковай. Там згадваюцца імёны ўсіх яе пяці сыноў і даты іх нараджэння. Старэйшы, Мікалай Кубракоў, нарадзіўся ў 1960 годзе.

У 2020 годзе цётка Івана Кубракова па бацьку расказвала журналістам TUT.by, што ўсе пяцёра братоў правялі дзяцінства ў вёсцы і адзін за адным пераехалі ў Мінск. Мікалай працаваў у міліцыі, выйшаў на пенсію і працягвае працаваць у прыватным сектары. Ні маці Кубракова, ні цётка не казалі, што нехта з братоў пераехаў ва Украіну.

Журналісты Свабоды знайшлі ў сацсетцы "Аднакласнікі" Мікалая Кубракова 1960 года нараджэння. Фота на старонцы няма. У яго ў сябрах пазначаныя пераважна людзі з Дзяржынска і Станькава, былыя вайскоўцы і сілавікі.

Бацька ўкраінскага палітыка Аляксандра Кубракова Мікалай вонкава не падобны да беларускіх Кубраковых. Ён на пяць гадоў старэйшы за свайго беларускага цёзку. Яго старонкі журналісты знайшлі ў "Аднакласніках" і на Фэйсбуку. Фота і дата нараджэння там супадаюць з дакументамі, атрыманымі з украінскіх пашпартных баз. Паводле іх, украінскі Мікалай Кубракоў нарадзіўся ў Луганскай вобласці на мяжы з Расіяй. Раней мужчына жыў у Крывым Рогу і Першатравенску, а цяпер — у Кіеве. У яго сацсетках няма аніводнай згадкі пра Беларусь, а сярод ягоных сяброў — людзей з Беларусі.

Журналісты звярнуліся па каментар да Аляксандра Кубракова і ягонага бацькі. Абодва сказалі, што не маюць сваяцтва з беларусам Іванам Кубраковым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.