Лукашэнку непакоіць рост імпарту лекаў (відэа)
У апошнія гады адзначаецца невялікі, але рост імпарту, заявіў кіраўнік Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка занепакоены ростам імпарту лекаў на беларускі рынак — пра гэта ён заявіў на нарадзе ў пытаннях развіцця фармацэўтычнай прамысловасці, якая прайшла 20 лютага.
“Наш унутраны рынак лекавых прэпаратаў ацэньваецца амаль у 1 мільярд долараў. Але ў апошнія гады назіраецца хоць невялікі, але рост імпарту ў краіну. Таму хачу пачуць, як рэалізауецца праграма імпартазамяшчэння ў галіне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў часе нарады.
Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся на нарадзе, была праблема мадэрнізацыі фармацэўтычных прадпрыемстваў. У 2012 годзе выйшаў спецыяльны ўказ і “праца ў цэлым ідзе, але не ўсё так, як планавалася”, адзначае беларускі лідар.
Паводле Лукашэнкі, насельніцтва краіны павінна забяспечвацца даступнымі і якаснымі айчыннымі лекамі. Яшчэ ў 2010 годзе стаяла задача давесці долю беларускіх лекаў на ўнутраным рынку да 50%, бо “гэта пытанне нацыянальнай бяспекі”.
Таксама Лукашэнку непакоіць невысокі попыт на беларускія лекі за мяжой. У часе нарады кіраўнік краіны цікавіўся, што трэба і можна сёння зрабіць для нарошчвання экспарту і прарыву ў гэтай сферы, інфармуе БЕЛТА.