Лукашэнку просяць праверыць тых, хто вынес абвінаваўчы прысуд Данату Скакуну
На сайце petitions.by з'явілася чарговая петыцыя, звязаная са справай гімназіста Даната Скакуна, асуджанага па абвінавачанні ў нападзе на настаўніцу. Як вядома, гімназіст прызнаны вінаватым і мусіць правесці ў зняволенні восем гадоў.
Аўтары петыцыі звяртаюць увагу на недапрацоўкі і недасканаласці следства. Яны кажуць, што на момант злачынства Данат меў алібі, не абгрунтаваны матыў нападу, не знойдзеная прылада злачынства — нож і г.д. Таксама яны заяўляюць, што ў СМІ распаўсюджваліся непраўдзівыя звесткі пра справу Даната Скакуна.
У сувязі з гэтым кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку і дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Станіслава Зася просяць разабрацца ў гэтай справе і дапамагчы аднавіць справядлівасць. Для гэтага прапануецца:
"— стварыць міжведамасную камісію і правесці комплексную праверку працы ўсіх датычных да вынясення абвінаваўчага прысуду Данату Скакуну: прадстаўнікоў Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога суда, пракурора, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
— прыцягнуць да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі доказаў (у тым ліку следчых, якія ўдзельнічалі ў допыце Даната ў першую ноч пасля затрымання, — атрыманае на ім прызнанне было кваліфікавана судом як "здабытае з парушэннем заканадаўства");
— прыцягнуць да адказнасці службовых асобаў, якія ў парушэнне прэзумпцыі невінаватасці распаўсюдзілі праз СМІ заведама ілжывыя звесткі пра гэтую справу".
На 15.20 час пад петыцыяй каля 700 подпісаў. Плануецца сабраць не менш за 900 подпісаў.