“Лукойл” падазраюць у нанясенні шкоды беларускай дзяржаве

Замежнае прадпрыемства “Лукойл-Белоруссия” падазраюць у незаконнай здзелцы з гродзенскім аўтобусным паркам №1, паведамляюць naviny.by. У выніку гэтай здзелкі дзяржава магла б панесці страты ў памеры 1,4 мільярда рублёў. Па інфармацыі міліцыянтаў з упраўлення барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Гродзенскай вобласці, у лютым 2007 года дырэктар аўтобуснага парка зняў з балансу аўтазаправачную станцыю і перадаў яе расійскай кампаніі. Аднак гэта было зроблена без узгаднення з Міністэрствам транспарту і камунікацыяў. Такім чынам, аўтобусны парк неабгрунтавана страціў права ўласнасці на аўтазапраўку.
 
Прадстаўнікі “Лукойл-Белоруссия” між тым цвердзяць, што працавалі толькі ў межах дамовы арэнды ад 2002 года і няма гаворкі пра страты. Аўтазапраўка была маральна састарэлай і таму аўтапарк не мог яе эксплуатаваць. Таму АЗС перадалі расіянам у арэнду з абавязковай рэканструкцыяй, што арандатары і зрабілі.  

Аднак у 2007 годзе ўсе прадпрыемствы Мінтрансу павінны былі перайсці на поўнае забеспячэнне нафтапрадуктамі ад “Белнафтахіму”. Запраўка аўтобуснага парка карысталася расійскім бензінам і дызпалівам. Аўтапарк вымушаны быў скасаваць дамову арэнды з “Лукойлам”. Бакі тады разышліся без асаблівых прэтэнзіяў. Дзейнасць “Лукойла” ў Гродне правяраў Дзяржкантроль, аднак ніякіх парушэнняў не знайшоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі