Лябедзька: Наконт збору 100 тысяч подпісаў не можам сказаць "так" ці "не"
Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі працягвае захоўваць інтрыгу наконт сабранай колькасці подпісаў.
Агенцтва БелаПАН паведаміла, што ініцыятыўная група Анатоля Лябедзькі не паспее сабраць 100 тысяч подпісаў за вылучэнне лідара АГП кандыдатам у прэзідэнты. Са спасылкай на кіраўніка групы Льва Марголіна агенцтва паведаміла, што на цяперашні час сабрана больш за 50 тысяч подпісаў.
"Рэальна сабраць 100 тысяч подпісаў у нас не атрымаецца, могуць быць толькі фантастычныя варыянты. Здаваць подпісы ў выбарчыя камісіі, хутчэй за ўсё, не будзем, звязем у офіс, каб усе маглі пераканацца ў рэальнасці таго, што мы іх сапраўды сабралі, а не "намалявалі", — перадае БелаПАН словы Марголіна.
Аднак сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду абвяргае гэтыя звесткі:
Лябедзька: "Няма ад Марголіна ніякай інфармацыі, што не сабралі сто тысяч. Уся інфармацыя будзе (і гэта гаворыць Марголін!) на прэсавай канферэнцыі ў панядзелак".
Нагадаем, што пра збор 100 тысяч подпісаў абвясцілі ініцыятыўныя групы пяці з васьмі прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Гэта групы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Цярэшчанкі, Сяргея Гайдукевіча, Таццяны Караткевіч і Мікалая Улаховіча.
Еўрарадыё пацікавілася ў палітыка, ці верыць ён, што групы астатніх прэтэндэнтаў сабралі неабходную колькасць подпісаў. Лябедзька адзначыў, што не хоча лічыць чужыя галасы, але дадаў:
Лябедзька: "Калі выключыць Аляксандра Лукашэнку, то па інтэнсіўнасці пікетаў, збору подпісаў, прафесійнасці каманды мы былі калі не адметнымі, то — адны з самых. І калі мы не можам сказаць ні "так", ні "не", а астатнія ўжо адрапартавалі... Ну, я не ведаю — у кожнага тут свае мэты і задачы".
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты працягнецца да 21 жніўня ўключна.
Фота: ucpb.org