Лябедзька: Я, Палякоў і Казлоў — адна каманда

Лябедзька: Я, Палякоў і Казлоў — адна каманда

Былы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пракаментаваў адстаўку Васіля Палякова з пасады старшыні АГП. 

Пра адстаўку Палякова стала вядома 24 верасня. Палякоў прабыў старшынёй партыі два з паловай месяцы. Часовым выканаўцам абавязкаў стаў Мікалай Казлоў

"Найперш трэба разумець, што я і Васіль Палякоў – гэта адна каманда. Інакш ён не быў бы маім намеснікам на працягу некалькіх гадоў. Мікалай Казлоў і Васіль Палякоў — гэта таксама адна каманда. Калі б гэта было не так, то Палякоў не прапаноўваў бы Казлову стаць яго намеснікам. А вось, напрыклад, у некаторых інтэрв’ю сябра АГП і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай спрабуе паказаць, што ў партыі адбываецца нейкая кулураная барацьба", — заявіў Лябедзька ў інтэрв'ю "Народнай Волі".

На думку экс-старшыні, Палякоў мог бы быць добрым кіраўніком партыі ў Літве ці Польшчы. "Але быць старшынёй партыі ў Беларусі — гэта іншае. Іншыя патрабаванні. І гэта стала для Палякова праблемай", — тлумачыць Лябедзька.

У інтэрв'ю Еўрарадыё прадстаўніца АГП, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая выказала меркаванне, што папярэдняе кіраўніцтва не дапамагло Палякову вырашаць праблемы. 

Лябедзька назваў гэтыя словы хлуснёй: "Калі я сыходзіў, то ўсё было перададзена: і кантакты нашых партнёраў, з якімі працаваў, і камунікацыі. Я пакінуў гаспадарку з фінансавым плюсам і больш за тое — на некалькі месяцаў па некаторых кірунках узяў на сябе дадатковыя абавязальніцтвы, каб змена кіраўніцтва не была балючай. Напрыклад, пакінуў за сабой пытанне аплаты цэнтральных офісаў". 

Экс-кіраўнік АГП распавёў, што Мікалай Казлоў паставіў у офісе партыі празрыстую скрыню і кідаў туды 10% свайго заробку — на партыйныя патрэбы. "Дык няхай бы і Канапацкая кідала ў тую скрыню на партыйныя справы 10 працэнтаў ад сваёй дэпутацкага заробку", — прапанаваў ён.

Абвяргаючы чуткі пра сваё магчымае вяртанне на пасаду старшыні Лябедзька заявіў, што на бліжэйшыя два гады плануе займацца іншай працай. Як вядома, ён нядаўна ўзначаліў арганізацыю "Еўрапейскі выбар". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі