Ляшэнка: нафтапрадуктаў хапае для ўнутранага рынку і крытычнага аб'ёму экспарту

Ляшэнка: нафтапрадуктаў хапае для ўнутранага рынку і крытычнага аб'ёму экспарту

Прадукцыі беларускіх НПЗ дастаткова для ўнутранага рынку, заяўляе віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка.

"Для ўнутранага рынку хапае. Калі уладзім пытанні з Расійскай Федэрацыяй, будуць адноўленыя астатнія аб'ёмы па экспарце. Але крытычны аб'ём экспарту мы таксама выконваем", — цытуе БЕЛТА словы чыноўніка.

Ляшэнка распавёў, што сёлета на беларускія НПЗ на перапрацоўку пастаўляецца каля 1 мільёна тон нафты ў месяц. У сакавіку, па яго словах, плануецца атрымаць такі ж аб'ём. 

Для поўнай загрузкі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў патрэбна 24 мільёны тон нафты ў год — па 2 мільёны тон у месяц. Значыць, цяпер НПЗ працуюць на палавіннай загрузцы. 

Раней "Белнафтахім" паведамляў, што ў сакавіку нафту ў Беларусь будуць пастаўляць шэсць расійскіх кампаній. Вядомыя назвы дзвюх з іх — гэта "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева (300 тысяч тон) і "УДС нафта" (500 тысяч тон). Назвы астатніх пастаўшчыкоў не агучваюцца. 

Акрамя таго Беларусь у сакавіку чакае 160 тысяч тон расійскай нафты, пастаўленай праз порт Клайпеды, і столькі ж — ад азербайджанскай кампаніі Socar (у Беларусь яе даставяць праз Украіну па нафтаправодзе Адэса — Броды).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі