Людзі з сімптомамі COVID-19 гадзінамі стаяць на вуліцах у чэргах да паліклінікі
Чарга ў паліклініку ў Наваполацку
Афіцыйная статыстыка па COVID-19 у Беларусі ўпершыню паказала больш за 1000 новых выпадкаў за суткі. У рэальнасці колькасць хворых можа быць у некалькі разоў большая. Прынамсі, калі меркаваць па тым, якія чэргі выстройваюцца да "інфекцыйных аддзяленняў", "тэмпературных кабінетаў" і іншых асобных уваходаў беларускіх паліклінік, куды з галоўных уваходаў адпраўляюць людзей з сімптомамі каранавіруснай інфекцыі.
Слухачы Еўрарадыё падзяліліся з намі фотаздымкамі такіх чэргаў у розных беларускіх гарадах.
Кіраўск, Магілёўская вобласць
Такую чаргу на прыём да "кавіднага" тэрапеўта даводзіцца адстаяць жыхарам Кіраўска.
Наваполацк, Віцебская вобласць
Навапалачане з тэмпературай не змяшчаюцца ў калідоры паліклінікі, чарга выходзіць на вуліцу. Людзям даводзіцца стаяць на холадзе па некалькі гадзін.
Магілёў
У 1-й і 4-й паліклініках Магілёва чэргі на прыём да доктара выходзяць на вуліцу.
— Я ўжо перахварэла. І ўся мая сям'я. Пяць гадзін на мінулым тыдні ў панядзелак я прастаяла ў чарзе на прыём да доктара. На рэнтген тры гадзіны людзі сядзяць, — расказвае магіляўчанка.
Гродна
Жыхары Гродна пачалі сутыкацца з вулічнымі чэргамі ў кабінет для хворых з сімптомамі ВРВІ яшчэ два тыдні таму.
Мінск
Чарга на ўваход у інфекцыйнае аддзяленне 39-й паліклінікі. Гэта людзі, якіх з асноўнага ўвахода перанакіравалі сюды праз высокую тэмпературу.
Салігорск
Не спраўляецца з патокам ахвочых здаць аналіз крыві цэнтральная лабараторыя паліклінікі ў Салігорску. У чарзе — больш за 100 чалавек.
Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада пракаментаваў сітуацыю з каранавірусам у Беларусі так:
— Вельмі вас прашу, без усялякіх інсінуацый, без панікі. У нас няма падставы для панікі, абсалютна няма! Усім акажам неабходную дапамогу. Усе, каго толькі можна выратаваць, магчымымі і немагчымымі метадамі будуць выратаваны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.