Маці-328: Папраўкі ў артыкул 328 КК дагэтуль не перадалі ў Палату прадстаўнікоў
Заўтра, 2 красавіка, пачынаецца вясновая сесія працы Палаты прадстаўнікоў. Але законапраект аб унясенні змяненняў у наркатычны 328-ы артыкул дагэтуль часу не паступіў у парламент. Пра гэта Еўрарадыё распавяла актывістка руху "Маці-328" Ліяна Шуба.
"Сёння некаторыя з маці былі на сустрэчы з Васілём Чэканам (член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы. — Еўрарадыё). Ён сказаў, што законапраект не паступіў на разгляд у Палату прадстаўнікоў, што цяпер ён адпраўлены на ўзгадненне ў МУС і Вярхоўны Суд. Я баюся, што дзесьці нас падманваюць".
Па частках 2 і 3 артыкула 328 прапануецца знізіць ніжні парог пакарання на 2 гады.
Раніцай 2 красавіка "Маці-328" плануюць сабрацца ля будынка парламента, каб дачакацца тлумачэнняў.
Раней начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Генадзь Казакевіч заяўляў журналістам, што папраўкі пра змякчэнне адказнасці па гэтым артыкуле будуць унесеныя на разгляд ніжняй палаты.
"Такі законапраект ёсць, і бліжэйшым часам ён будзе ўнесены на разгляд у парламент. Ён будзе тычыцца як артыкула 328, так і навацый, якія тычацца супрацьдзеяння допінгу ў спорце".
Аднак ён адзначыў, што "МУС мае абсалютна выразную, узважаную і, самае галоўнае, аргументаваную пазіцыю" — праваахоўнікі пярэчаць з нагоды змякчэння пакарання. Іх пазіцыю падтрымлівае Вярхоўны Суд.
Напрыканцы восеньскай сесіі парламента дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вырашылі адкласці разгляд паправак у 328-ы артыкул да наступнай сесіі. Пасля гэтага жанчыны з руху "Маці-328" пікетавалі Палату прадстаўнікоў, патрабавалі падоўжыць восеньскую сесію і прасілі тлумачэнняў у спікера Уладзіміра Андрэйчанкі.
Таксама актывісткі распавядаюць, што ў Палату прадстаўнікоў яшчэ не паступіў законапраект аб амністыі.
Па словах Ліяны Шубы, некалькі дзён таму актывістцы руху "Маці-328" Ларысе Жыгар затэлефанаваў загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з камісіяй па нацбяспецы Андрэй Броннікаў. Ён папрасіў падаць копіі прысудаў і парушэнні КК і КПК, а таксама калі ёсць наступныя фармулёўкі: "неўстаноўлены час", "неўстаноўлены месца", "неўстаноўленая асоба", "мяркуецца, з мэтай збыту", "невялікая вага ад 0,..." грама па частках 3 і 4 артыкула 328. Паводле слоў Шубы, дакументы збіраюць для дакладу Аляксандру Лукашэнку.
Больш важных падзей 1 красавіка ў праграме «Еўразум»