Маці фаната, збітага ў Жыткавічах: Заяву не пісала ні я, ні сын

Маці фаната, збітага ў Жыткавічах: Заяву не пісала ні я, ні сын

У сераду 18 лістапада міліцыя апублікавала відэа, на якім, па версіі праваахоўнікаў, бачна, як фанат калінкавіцкага футбольнага клуба “Вертыкаль” збівае заўзятара “ЮА-Буд-Жыткавічы”.

“Кажы: “Я адпісваюся ад антыфашысцкага руху”, — патрабуе крыўдзіцель. Па дадзеных міліцыі, ён "з'яўляецца прыхільнікам ідэй фашызму".

У дачыненні да нападніка Яўгена П. была распачатая крымінальная справа па артыкуле “Хуліганства”. Цяпер юнак знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Скандальнасці справе дадаў той факт, што Яўген быў у майцы з “Пагоняй”.

“У каго яшчэ ёсць пытанне “Прычым тут Пагоня?” — было напісана ў суправаджальным твіце ад імя міліцыі.

Каб больш даведацца пра гэту гісторыю, Еўрарадыё звязваецца з сябрамі падазраванага, дырэктарам яго навучальнай установы і пацярпелым, які, аказваецца, не звяртаўся ў міліцыю пасля інцыдэнту. 

Маці фаната, збітага ў Жыткавічах: Заяву не пісала ні я, ні сын
Падазраваны.

Той самы 17-гадовы фанат Яўген, які на відэа збівае антыфашыста, навучаецца на будаўніка ў адной з устаноў Мазыра.

“Па Жэні ніякіх пытанняў раней не ўзнікала. Ні па навучанні, ні па наведванні, ні па паводзінах, — канстатуе дырэктар вучэльні. — Яго маці — сацыяльны педагог у школе. Таму калі я пабачыў гэты ролік, то спачатку паверыць не мог, што гэта сапраўды Жэня”.

“Ён нацысцкіх поглядаў не прытрымліваецца, — пераконвае Андрэй, сябар падазраванага па фанацкай трыбуне. — Я раскажу вам, як было. Бойка з тымі фанатамі завязалася не таму, што адны фашысты, а іншыя — антыфашысты, а таму, што хлопцы з Жыткавічаў — выскачкі. Яны займаюцца дурыстыкай, выкабеньваюцца. Нашы хлопцы проста гулялі па горадзе, а групоўка Жыткавічаў іх пачалі правакаваць, абражаць. Вось з чаго пачалося. Тыя сталі ў стойку, адрэналін, завязалася бойка. Апаненты далі дзёру, а адзін з іх забег у тупік. З ім пачалі размаўляць”.

Еўрарадыё: Гутарка многіх шакіравала…

Сябар падазраванага: Там быў старэйшы хлопец, які прыехаў у Жыткавічы на машыне. Ён дыктаваў Жэню, якія пытанні трэба задаваць.

Еўрарадыё: Чаму Яўген выкарыстоўваў Пагоню?

Сябар падазраванага: Таму што гэта старадаўні герб Беларусі. А ён — за Беларусь. Ён нармальны хлопец, займаўся спортам, не мае шкодных звычак.

Еўрарадыё: Як так атрымалася, што відэа трапіла ў інтэрнэт?

Сябар падазраванага: Адзін хлопец гэта здымаў. Усім на тэлефоне паказаў, а потым сказаў, што выдаліў. А ўвечары яно з’явілася ў сацсетках у пасце “Паездка ў Жыткавічы”. Яно правісела двое сутак. Аўтару ўвесь час казалі: “Выдалі”. Ён не слухаўся. А калі выдаліў, было ўжо 3000 праглядаў. А праз тыдзень прама на ўрокі прыехала міліцыя і вывела Жэню ў кайданках.

Маці фаната, збітага ў Жыткавічах: Заяву не пісала ні я, ні сын
Фанацкая трыбуна ФК "Вертыкаль".

На відэа падазраваны выглядае вельмі пагрозліва. У яго ўласным фотаархіве такой агрэсіўнасці не бачна. А вось неанацыскія сімвалы на старонцы ў Яўгена знаходзім. Па суседству з Пагоняй гэта выглядае жахліва.

Што праўда, праявы неанацызму з боку фанатаў на стадыёне заўважаныя не былі, кажа вядомы заўзятар ФК “Вертыкаль” Васіль Паўлоўскі, які дапамагае клубу ў арганізацыйных пытаннях.

“Увогуле з фанатамі не маю нічога агульнага. Выходзіць, яны так любяць клуб, раз такім чынам выкарыстоўваюць яго імя, — абураецца Паўлоўскі. — Што яны прапагандуюць, не ўяўляю. Магчыма, для іх гэта проста забава, а для мяне клуб — сэнс жыцця. “Вертыкалі” гэта сітуацыя вельмі нашкодзіла. Знайшоў спонсараў — і з-за гэтага скандалу яны ад нас адвярнуліся”.

Маці фаната, збітага ў Жыткавічах: Заяву не пісала ні я, ні сын

Еўрарадыё звязалася з 16-гадовым Віктарам, якога біў падазраваны. Трубку перахоплівае маці пацярпелага. Яна абураная тым, што МУС выставіла інцыдэнт на паказ:

“У мяне тэлефон чырвоны, мне сёння ўсе знаёмыя тэлефануюць. Заяву не пісала ні я, ні Віця. Але ў выніку тлумачэнні давялося даваць цягам чатырох гадзін. Той, хто біў, займаецца барацьбой. У іх там спартовыя прынцыпы, вагавыя катэгорыі. Але яны супраць усіх правілаў напалі на сына. Добра, што ўсё абышлося, усе мы пад Богам ходзім. Усе знаёмыя ў шоку ад гэтага відэа. Проста ўрод. Па-іншаму яго не назавеш”.

Фанат-антыфашыст: “Пагоня — гэта агульны трэнд, які нельга змешваць з палітыкай. Сімвал выкарыстоўваюць усе”

Яшчэ некалькі гадоў таму фанаты-антыфашысты былі адной з наймацнейшых каляфутбольных груповак Беларусі. Але пасля развалу клуба “Партызан” рух развівацца перастаў. Адзін з аўтарытэтных фанатаў-антыфашыстаў пракаментаваў Еўрарадыё допіс прэс-службы МУС:

“Мы таксама выкарыстоўваем “Пагоню” і ўсё часцей схіляемся да беларускай мовы. Шкада, што майку з гістарычным сімвалам надзяваюць баны (неанацысты, — Еўрарадыё). Але гэта сведчыць пра агульную папулярнасць сімвала. Гэта трэнд. Не трэба змешваць Пагоню з палітыкай. Пагоня — гэта велічнасць беларускай гісторыі. Адукаваны чалавек і патрыёт Беларусі не можа адмаўляць значнасці гэтага сімвалу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі