Маці Івана Гапонава: “Вельмі хацелася ўжо сёння адвезці сына дамоў”
Але судовы працэс над грамадзянамі Расіі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам працягнецца ў судзе Маскоўскага раёна Мінску ў аўторак 1 сакавіка.
Зрабіць перапынак у судовым пасяджэнні папрасіў пракурор Сяргей Кунаш, каб перакваліфікаваць абвінавачванне.
Але на думку кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, зроблена гэта было таму, што справа “развальвалася на вачах у прысутных і адвакатаў”.
Алесь Бяляцкі: “Справа сапраўды развалілася, бо доказы, якія прадставілі пракурорскія работнікі, нічога не вартыя. Мы чулі, як "плавалі" сведкі. Гэта былі запісныя сведкі – тыя, якія размяркоўваюцца падчас падання адміністрацыйных пратаколаў. Потым яны плаўна перайшлі на крымінальную справу, але што датычыць удакладнення дзеянняў з боку Брэўса і Гапонава, яны не пацвердзіліся ніякімі сведчаннямі, ні відэаматэрыяламі, апроч голых слоў супрацоўнікаў міліцыі. Самае істотнае, натуральна, што відэаматэрыялы не зафіксавалі ніякіх актыўных дзеянняў з боку абвінавачаных”.
Падтрымала калегу і лідэр праваабарончай арганізацыі “Праваабарончы альянс” (Літва) Людміла Гразнова.
Людміла Гразнова: “Увесь час і суддзя, і пракурор спрабавалі выцягнуць хоць нейкія доказы ад абвінавачаных. Ніякіх доказаў, што яны парушалі закон, здзяйснялі злачынства, не было. Натуральна, суддзя апынулася ў вельмі складанай сітуацыі: фактаў для абвінаваўчага прысуду не было. Таму пракурор прыйшоў ёй на выручку і папрасіў час для перапрад’яўлення абвінавачання”.
А маці Івана Гапонава Сабіра Атакішыева па-мацярынску эмацыйна апісала тое, што яна пачула ад асноўных сведкаў абвінавачвання – супрацоўнікаў АМАПа Алега Дударчыка і Аляксея Якаўлева.
Сабіра Атакішыева: “Гэта не сведкі. Яны не маглі даць адэкватных і праўдзівых паказанняў. Вымалёўваецца такая карціна, што сведкі былі не тое, што непадрыхтаваныя, яны насамрэч губляліся ў тым, што павінны былі сказаць на судзе”.
Па яе словах, сын выглядае “не вельмі”, але трымаецца добра. І прызналася, што вельмі спадзявалася ўжо сёння забраць яго дамоў.
Сабіра Атакішыева: “Бледненькі. Але трымаецца адпаведна абстаноўцы. Я веру ў невінаватасць Івана і я ўпэўненая, што ён будзе дома як мага хутчэй. Вельмі хацелася ўжо сёння адвезці сына дамоў”.
Жаданне пракурора перакваліфікаваць абвінавачванне выклікала ў прысутных пэўныя надзеі на тое, што гады строгага рэжыму за кратамі Гапонаву і Брэўсу не пагражаюць. Прынамсі, такое меркаванне выказаў Алесь Бяляцкі.
Алесь Бяляцкі: “Калі ўлічыць, што справа знаходзіцца пад пільным кантролем з боку Міністэрства замежных спраў Расіі, то ў гэтай сітуацыі, мяркую, што пракурорскі работнікі арыентаваныя на перакваліфікацыю гэтай справы на больш мяккую”.
Праўда, прадстаўнік расійскага Цэнтра прававой трансфармацыі Аляксей Казюлік параіў не спяшацца са спадзяваннямі на лепшае.
Аляксей Казюлік: “Просьба даць перапынак для перапрад’яўлення абвінавачвання для нас з’яўляецца такой невялікай загадкай. Неабходна падумаць, у што гэта можа выліцца, то бок якое новае абвінавачанне можа быць прад’яўлена. Верагодна, дзяржаўны абвінаваўца зразумеў, што па 239-м артыкуле частцы другой абвінавачанне развальваецца. І, адпаведна, будзе спроба знайсці склад злачынства па нейкім іншым артыкуле”.
А Людміла Гразнова выказала ўпэўненасць, што гэтыя сем дзён перапынку беларускі бок скарыстае для актыўнага “гандлю людзьмі” з Расіяй.
Людміла Гразнова: “Тут хутчэй за ўсё будуць нейкія палітычныя перамовы. І вырашацца гэта пытанне будзе ўжо на іншым палітычным узроўні”.
Пракурор для каментароў да журналістаў не выйшаў – незаўважна знік праз аварыйны выхад. Праігнараваў ён нават прадстаўнікоў дзяржаўнага тэлебачання.
Фота: Змітра Лукашука