Магілёўцы адклікаюць подпісы ў падтрымку Лукашэнкі (фота)
Магілёўцы сталі адклікаць свае подпісы за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкія выбары. Адпаведныя заявы яны падаюць у акруговыя выбарчыя камісіі, піша сайт mspring.online.
Журналісты абнародавалі заявы жыхароў аднаго з магілёўскіх інтэрнатаў В.Гарбузавай і Аляксея Нікіцёнка. Абое распавялі, што 26 траўня ў працоўны час да іх прыйшлі работнікі інтэрната і запатрабавалі паставіць подпіс за вылучэнне Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты.
Гарбузава кажа, што подпісы збіралі вахцёрка і загадчыца інтэрната. Жанчына баялася, што яе з дзецьмі могуць выселіць з інтэрната раней за належны тэрмін, таму падпісалася.
"Мне давялося падпісацца. Я маці траіх дзяцей, атрымала кватэру, але пакуль пераехаць у яе не магу, бо там вядуцца рамонтныя работы", — тлумачыць Гарбузава.
Нікіцёнак распавёў, што да з аналагічным патрабаваннем прыйшла вахцёрка.
"Я раскайваюся ў сваім учынку і прашу адклікаць свой подпіс за гэтага кандыдата", — напісаў магілёвец у сваёй заяве.
Звесткі аб прымусовым зборы подпісаў за кіраўніка дзяржавы перыядычна з'яўляюцца ў СМІ і сацсетках. Гэтыя звесткі пералічыў у сваёй заяве ў Цэнтрвыбаркам Віктар Бабарыка і прапанаваў не ўлічваць галасы, прымусова аддадзеныя з Лукашэнку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.