Магілёўскі бяздомны адкрыў майстэрню, а здадзеныя ў рамонт мабільнікі прадаваў
Бяздомны магілёвец адкрыў майстэрню па рамонце мабільных тэлефонаў у мікрараёне “Казіміраўка”. Аднак здадзеныя ў рамонт мабільнікі мужчына прадаваў усім ахвотным.
"Майстэрня" здолела адправаць два месяцы. А потым у міліцыю сталі звяртацца падманутыя грамадзяне, якія не атрымалі назад свае мабільнікі, здадзеныя ў рамонт, пішуць “Магілёўскія ведамасці”.
Праваахоўнікі высветлілі, што майстар браў у грамадзян тэлефоны ў рамонт, аднак іх рамотнам не займаўся. Кліенты плацілі перадаплату ў памеры ад 80 да 150 рублёў. Гэтыя грошы майстар траціў на забавы.
Павярхоўныя веды аб рамонце мабільных прылад зламыснік узяў з інтэрнэту. Гэтага хапала, каб перад даверлівымі кліентамі выглядаць спецыялістам.
Па звестках праваахоўнікаў, ахвярамі зламысніка сталі не менш за 10 магілёўцаў. Некаторыя з мабільнікаў у разабраным выглядзе ўдалося вярнуць уладальнікам. На мужчыну могуць пачаць крымінальную справу па фактах махлярства. Дарэчы, выявілася, што за арэнду мужчына так ні разу і не заплаціў.