Магілёўскія камунальнікі бралі плату за прыборку няісных паверхаў і ліфтаў

Магілёўскія камунальнікі бралі плату за прыборку няісных паверхаў і ліфтаў

У Магілёве камунальнікі налічвалі гараджанам плату за прыборку няісных паверхаў і ліфтаў. Гэтыя парушэнні выявіў Камітэт дзяржкантролю падчас праверак прадпрыемстваў ЖКГ Магілёўскай вобласці, перадае БЕЛТА са спасылкай на першага намесніка старшыні КДК Магілёўскай вобласці Юрыя Фралова.

Толькі за студзень 2016 года магілёўцы пераплацілі камунальнікам больш за 4 мільярды рублёў — за паслугі па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылых дамоў і выдаткаў на электраэнергію на працу ліфтаў, асвятленне дапаможных памяшканняў.

У ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Магілёва у асобныя дакументы ўвогуле дадаваліся фальшывыя звесткі. Паводле дакументаў, у некаторых 9-павярховых дамах прыборка праводзілася яшчэ і на няісных 10-12-х паверхах. У дамах, дзе ніколі не было ліфтаў, згодна з дакументамі вялася іх прыборка. Нават калі паслугі па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў аказваліся не ў поўным аб'ёме альбо ўвогуле не аказваліся, на памяншэнні платы ў жыроўках гэты ніяк не адбівалася.

КДК заяўляе, што камунальнікі нямэтава выкарыстоўвалі адлічэнні насельніцтва на капрамонт, нерацыянальна і неэфектыўна выдаткоўвалі дзяржаўныя сродкі, рабілі памылкі пры разліку кошту камунальных паслуг, якія прывялі да недаатрымання выручкі і недаплаты падаткаў у бюджэт, а таксама не забяпечвалі жылыя дамы лічыльнікамі электраэнергіі ды інш. Толькі чатыры раённыя камунальныя арганізацыі вобласці незаконна атрымалі больш за 8 млрд рублёў на пакрыццё выдаткаў на аказананыя насельніцтву жыллёва-камунальныя паслугі.

Па словах Фралова, у студзені-сакавіку 2016 года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 6 арганізацый ЖКГ і 40 іх работнікаў на 4,8 млрд рублёў. Дысцыплінарна пакараныя 39 службовых асоб, вернута ў бюджэт 5,8 млрд рублёў, зэканомлена 7,7 млрд рублёў бюджэтных сродкаў. Па матэрыялах праверак КДК былі распачатыя тры крымінальныя справы.

Некаторыя парушэнні мелі карупцыйны характар, адзначае Фралоў. У выніку пракуратура Магілёўскай вобласці пачала крымінальныя справы па на кіраўнікоў Шклоўскага і Глускага прадпрыемстваў "Жылкамгаса".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі