Макей: ЕС дагэтуль не вызначыўся, каго ён лічыць палітвязнямі ў Беларусі
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у эксклюзіўным інтэрв'ю агенцтву БелаПАН.
"Спачатку была лічба 11, потым восем, дзевяць, пяць... Цяпер мы так і не ведаем, пра якую колькасці ідзе гаворка. Апошняя лічба, літаральна ўчора пачуў падчас мерапрыемстваў у Трасцянцы (8 чэрвеня. — БелаПАН.), што нібыта пяць чалавек", — перадае БелаПАН словы кіраўніка МЗС.
Макей параўнаў беларускіх асуджаных з баевікамі на ўсходзе Украіны: "Тыя асобы, якія на ўсходзе, напрыклад, Украіны праводзяць баявыя дзеянні, змагаюцца з уладамі, — гэта тэрарысты. Тут жа, у нас, асобы, якія кідаюць кактэйлі Молатава ў будынак замежнай амбасады, — гэта ўжо палітвязні". Міністр адзначыў, што прынамсі двух з нападнікаў на расійскую амбасаду ў Мінску ЕС лічыць палітвязнямі.
Па словах Макея, у Беларусі разумеюць, што ў адносінах з ЕС існуюць прынцыповыя праблемы: "Для Беларусі гэта санкцыі, абсалютна неабгрунтаваныя санкцыі з боку ЕС, а для Еўрасаюза гэта прэтэнзіі з нагоды таго, што ў нас нібыта прысутнічае пэўная колькасць палітвязняў".
На яго думку, неабходна ствараць пазітыўную атмасферу ў адносінах з ЕС, нават з дапамогай нейкіх маленькіх крокаў, якія "у канчатковым выніку прывядуць і да вырашэння гэтых прынцыповых заклапочанасцяў і для ЕС, і для Беларусі".
Фота — mfa.gov.by