Макей казаў у ААН аб сусветных праблемах, да якіх прывядуць санкцыі супраць РБ
Уладзімір Макей прымае ўдзел у мерапрыемствах Генасамблеі ААН / mfa.gov.by
Глабальная харчовая бяспека можа апынуцца пад пагрозай з-за "бяздумнага санкцыйнага ціску заходніх краін", заявіў на саміце ААН па харчовых сістэмах міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Падрабязнасці прыводзіць БелТА.
Ён нагадаў, што беларускія калійныя ўгнаенні займаюць 20% сусветнага рынку. Іх адсутнасць можа прывесці "да значнага зніжэння ўраджайнасці ў сельскай гаспадарцы". Следствам гэтага можа стаць рост коштаў на прадукты.
"Недапушчэнне беларускіх калійных угнаенняў на еўрапейскі рынак таксама негатыўна паўплывае на сельскагаспадарчы сектар эканомікі самога ЕС", — заявіў Макей.
Кіраўнік беларускага МЗС нагадаў, што амаль два мільярды чалавек у свеце недаядаюць. У гэтай сувязі, заявіў ён, "недапушчальна выкарыстанне прадуктаў харчавання і ланцужкоў, якія іх звязваюць, у якасці інструмента палітычнага ціску і эканамічнага шантажу".
Раней вытворцы калійных угнаенняў з Канады і Германіі заяўлялі, што ў выпадку санкцый у дачыненні да "Беларуськалія" гатовыя закрыць сусветную патрэбу ва ўгнаеннях. У прыватнасці, нарасціць пастаўкі могуць канадская кампанія Nutrien Ltd і нямецкая South Harz Potash.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.