Макей: Мы не чакаем імгненнага рашэння наконт прыняцця Беларусі ў СГА
Беларускі бок не чакае, што ён адразу дадуць “зялёнае святло” на ўваходжанне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, але перамовы весці неабходна. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей.
Макей: “Мы не чакаем, што адразу атрымаем зялёнае святло на ўваходжанне ў СГА. Але перамовы з’яўляюцца вельмі важнымі, і я лічу, што Беларусь проста абавязаная ісці ў рэчышчы тых працэсаў, якія адбываюцца. У тым ліку, і ў кантэксце нашага ўзаемадзеяння з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй. Мы не чакаем, што адразу ж будзе прынятае пазітыўнае, станоўчае рашэнне, але перамовы неабходныя для выяўлення пазіцый, для ўдакладнення падыходаў адпаведных дзяржаў і для давядзення беларускай пазіцыі па тых спрэчных пытаннях, якія пакуль яшчэ застаюцца ў нашых перамовах з асобнымі краінамі”.
Нагадаем, першы раўнд перамоў па ўваходжанні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю пройдзе 23 студзеня ў Жэневе. У перамовах возьмуць удзел 100 дзяржаваў, што з’яўляюцца сябрамі гэтай арганізацыі. На сёння з краін-удзельніц ЕўрАзЭС толькі Беларусь не з’яўляецца сябрам СГА.