Макей просіць Лаўрова не рабіць розніцы між беларусамі і расіянамі пры эвакуацыі
26 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей затэлефанаваў расійскаму калегу Сяргею Лаўрову, паведамляе прэс-служба МЗС нашай краіны.
Макей тэлефанаваў з нагоды расійскага рашэння спыніць як рэгулярныя, так і чартарныя авіязносіны з расійскіх аэрапортаў. Кіраўнік беларускай дыпламатыі папрасіў расійскага міністра не рабіць разрозненняў паміж грамадзянамі Беларусі і Расіі пры эвакуацыі з праблемных краін дадому. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра турыстаў, якія вяртаюцца з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну.
Кіраўнік расійскага МЗС запэўніў, што Расія пастараецца дапамагчы ўсім беларусам і расіянам, якія трапілі цяпер у цяжкае становішча.
Нагадаем, што раней у СМІ неаднаразова з'яўляліся паведамленні, як расійскія авіяперавозчыкі адмаўляюцца браць на борт грамадзян Беларусі.
Міністры дамовіліся, што ў гэты востры перыяд будзе працягвацца сістэмнае ўзаемадзеянне паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.