Макей: рэжым у Беларусі моцны, сітуацыя будзе пад кантролем
26 чэрвеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей выказаўся наконт сітуацыі ў нашай краіне.
"Гэта памылка многіх цяпер знешніх, унутраных [сіл]: усе думаюць, што рэжым слабы, — цытуе словы Макея ria.ru. — Усе ўспамінаюць 2010 год [тады прайшлі прэзідэнцкія выбары і была разагнана Плошча], тады таксама ўсе думалі, што рэжым слабы, а цяпер яшчэ больш слабы. Запэўніваю вас: рэжым моцны, спакойны, і мы ўпэўненыя ў тым, што сітуацыя будзе пад кантролем".
Уладзімір Макей заявіў, што праз "дзеянні на вуліцы" нельга змяніць сітуацыю ў краіне. Ён нагадаў пра пацяпленне адносін з ЕС, якое адбываецца ў апошнія гады, і таму "развіццё падзей па непажаданым сцэнары... нікому не трэба". Але міністр прызнае, што Брусель выказвае засцярогі наконт апошніх падзей у Беларусі.
"Калі адбудуцца непажаданыя падзеі, якія адкінуць нас у 2010 год, то трэцяй адлігі не будзе, — гаварыў Макей. — Аднаўленне нармальных дачыненняў з іншымі краінамі зойме нашмат больш часу, чым пасля 2010 года".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.