Макей у ААН казаў пра дыялог, анархію і санкцыі

Уладзімір Макей выступае ў ААН / news.un.org
Уладзімір Макей выступае ў ААН / news.un.org

26 верасня міністр замежных спраў Уладзімір Макей па відэасувязі выступіў перад дэлегатамі 75-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Падзеі, што адбываюцца вакол Беларусі, ён назваў няўдалай спробай навязаць "каляровую рэвалюцыю". Таксама Макей асудзіў закрыццё межаў для барацьбы з каранавірусам і заявіў, што падыход Беларусі да барацьбы з пандэміяй "сябе апраўдаў".

Канспект выступу Макея публікуе сайт ААН. Цікавае яго выказванне аб міжнародным дыялогу. Беларусь на працягу апошніх гадоў спрабуе пазіцыянаваць сябе як нейтральная пляцоўка для сустрэчы канфліктуючых бакоў. Відавочна, МЗС хоча, каб такой нашу краіну лічылі і ў будучыні:

"Мы забыліся, што такое дыялог, а калі і памятаем, дык развучыліся ім карыстацца. Мушу заўважыць, што ўжо на працягу некалькіх гадоў Беларусь актыўна заклікае аднавіць шырокі дыялог па міжнароднай бяспекі, накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі. Дыялог, які дапамог бы вярнуцца на рэйкі пабудовы справядлівага і эфектыўнага глабальнага парадку на прынцыпах шматбаковасці".

Санкцыі, якімі пагражаюць Беларусі заходнія краіны, Макей лічыць контрпрадуктыўнымі. На яго думку, трэба паважаць "выбар беларускага народа".

"Аднак замест таго, каб паважаць гэты выбар, мы бачым памкненні разхістаць сітуацыю ў краіне, — кажа Макей. — Асобныя заявы, якія мяжуюць з цынізмам, з боку шэрагу нашых заходніх суседзяў пра, нібыта, клопат аб суверэнітэце Беларусі і яе дабрабыце на самой справе з'яўляюцца нічым іншым, як спробамі ўвесці краіну ў хаос і анархію, якія адкінуць Беларусь у яе развіцці на многія гады таму".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі