Малады ліберал Забароўскі сыходзіць з Міністэрства эканомікі?

Малады ліберал Забароўскі сыходзіць з Міністэрства эканомікі?

27 студзеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Дзмітрыя Крутога першым намеснікам міністра эканомікі. Але гэтая пасада не была вакантнай. Другім чалавекам у Мінэканомікі з 2014 года быў Аляксандр Забароўскі — малады ліберал з еўрапейскай адукацыяй.

Дзмітрый Круты нарадзіўся ў студзені 1981 года і ўсяго на паўтара гады старэйшы за Аляксандра Забароўскага. Але нават калі меркаваць па біяграфіях першых намеснікаў міністра эканомікі на сайце ведамства, розніца паміж імі вялікая. Забароўскі скончыў БНТУ, у 2007 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, стажыраваўся ў Нямеччыне, Аўстрыі, Бельгіі і Кітаі. Круты — выпускнік БГТУ і Акадэміі кіравання, вучыўся ў аспірантуры, але дысертацыю не абараніў. Забароўскі да прызначэння першым намеснікам міністра эканомікі кіраваў апаратам Савета міністраў. Круты — кіраваў упраўленнем ляснога комплекса ў Міністэрстве эканомікі.

Малады ліберал Забароўскі сыходзіць з Міністэрства эканомікі?
Аляксандр Забароўскі і Дзмітрый Круты. Фота: Мінэканомікі

Сярод кадравых прызначэнняў, якія Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў 27 студзеня, прозвішча Забароўскага не згадваецца. Яго наступнае месца працы пакуль невядомае. Па звестках TUT.by, малады ліберал пакідае Міністэрства эканомікі. Але ў самім ведамстве не выказваюцца так катэгарычна:

"Давайце дачакаемся афіцыйных момантаў. Так, Круты прызначаны першым намеснікам. Але давайце дачакаемся афіцыйных дакументаў і прызначэнняў", — адказаў Еўрарадыё на пытанне аб будучыні Аляксандра Забароўскага прэс-сакратар Міністэрства эканомікі Віктар Еўтухоў.

Паўгода таму ўладная вертыкаль ужо пазбавілася аднаго маладога ліберала. Доктар эканамічных навук Кірыл Руды памяняў крэсла памочніка Аляксандра Лукашэнкі на пасаду амбасадара Беларусі ў Кітаі. Што праўда, нават знаходзячыся за 6,5 тысяч км ад Мінска, Руды ўхітраецца прасоўваць свае думкі, публікуючы артыкулы ў тутэйшых навуковых часопісах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі