Пархомчык прызначаны старшынёй Брэсцкага аблвыканкама
Пётр Пархомчык
Пётр Пархомчык прызначаны старшынёй Брэсцкага аблвыканкама. Дагэтуль ён быў намеснікам прэм'ер-міністра. Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што ён "разбярэцца" з сельскай гаспадаркай (разам з упаўнаважаным па вобласці Міхаілам Русым) і "сур'ёзна папрацуе з прамысловасцю". Да чэрвеня Брэсцкай вобласцю кіраваў Юрый Шулейка, якога адправілі ў Мінск віцэ-прэм'ерам па пытаннях аграпрамысловага комплексу.
Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч стаў намеснікам прэм'ера, а яго пасаду заняў Аляксей Кушнарэнка. Ён працаваў гендырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліве і газіфікацыі "Белпаліўгаз". Лукашэнка папярэдзіў Каранкевіча, што за ім застаецца ліквідацыя наступстваў нядаўняй стыхіі. Ад яго ж ён запатрабаваў выніку ад працы прамысловасці. А Кушнарэнку "падбадзёрыў": "Спадзяюся, што мы не страцім міністэрства".
Начальнікам Беларускай чыгункі стаў Валерый Варэніч, які быў першым намеснікам міністра транспарту і камунікацый. Прызначэнне адбылося пасля чарговых затрыманняў у кіраўніцтве БЧ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.