МАРГ хоча вярнуць лекі ў аптэкі: цэны на іх больш не трэба рэгістраваць
Лекі ў аптэцы / Reuters
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю спрабуе вярнуць у аптэкі дэфіцытныя імпартныя лекі, якія зніклі з вітрын з пачаткам валютнага крызісу. З гэтай мэтай з 26 красавіка прыпыняецца дзеянне ўказа Аляксандра Лукашэнкі №345 "Аб рэгістрацыі цэн на лекавыя сродкі", прынятага ў 2018 годзе.
У адпаведнасці з гэтым указам гранічныя адпускныя цэны вытворцаў на многія лекавыя сродкі трэба было рэгістраваць. У іншым выпадку рэалізоўваць іх у аптэках было нельга. Аднак у цяперашніх умовах замежныя вытворцы часта не могуць падаць дакументы для рэгістрацыі коштаў. Таму забарона на рэалізацыю лекавых сродкаў, цэны на якія не зарэгістраваныя, часова знятая.
Рэгулятыўныя меры тычыліся лекаў, пералічаных у дадатку да ўказа №345 і ў Пераліку асноўных лекавых сродкаў, якi вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя. Інакш кажучы, гранічныя адпускныя цэны рэгуляваліся на сотні прэпаратаў. Зараз тыя з іх, якія знікалі з аптэк, верагодна, з'явяцца на прылаўках. Але ўжо па новых коштах.
Акрамя таго, падаражэюць і лекавыя сродкі, цэны на якія ўжо зарэгістраваныя. Свежым указам Аляксандра Лукашэнкі №143 іх вытворцам дадзена права не ўлічваць зарэгістраваныя гранічныя адпускныя цэны — праўда, пры адпаведным абгрунтаванні і пры ўмове ўзгаднення з Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.