Маршрутка з пасажырамі перакулілася пад Полацкам
Маршрутка з пасажырамі трапіла ў ДТЗ у Полацкім раёне 30 студзеня. Здарэнне адбылося каля 18-й гадзіны паблізы вёскі Ропна, паведамляе БЕЛТА са словаў начальніка аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Казючыца.
На закругленні дарогі 41-гадовы мужчына не справіўся з кіраваннем мікрааўтобуса "Мерсэдэс". Аўтамабіль перакуліўся. Падчас аварыі ў маршрутцы "Полацк-Наваполацк" было 15 пасажыраў, у тым ліку сем непаўналетніх.
Траўмы пры ДТЗ атрымала 32-гадовая жанчына. Яе шпіталізавалі.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Супрацоўнікі ДАІ арганізавалі бяспечны праезд для іншых удзельнікаў дарожнага руху.