Марзалюка ўсё ж такі перапрызначылі ў Палату прадстаўнікоў
Падлік галасоў
Цэнтральная выбарчая камісія Аляксандра Лукашэнкі падвяла вынікі "выбараў" у Палату прадстаўнікоў. У апублікаваным спісе, як і патрабавалася, 110 прозвішчаў
Дэпутацкі статус за сабой захаваў Ігар Марзалюк, якога ў апошні час часта атакавалі прарасійскія актывісты. У Палату Прадстаўнікоў сыходзіць і кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергіенка. Дэпутатамі таксама прызначылі некалькі прапагандыстаў: Аляксандра Шпакоўскага, які прадстаўляецца палітолагам, і Вадзіма Гігіна, прызначанага кіраваць Нацыянальнай бібліятэкай. Дэпутатамі сталі і некалькі партыйцаў, у тым ліку і кіраўнік "Белай Русі" Алег Раманаў і ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
Прызначэнне ў ПП таксама атрымаў былы намеснік міністра ўнутраных спраў, а з восені 2020 года інспектар Лукашэнка па Мінску Аляксандр Барсукоў. Гэта ён пасля шматлікіх скаргаў на збіццё і катаванні людзей на Акрэсціна 13 жніўня 2020 года заявіў, што "ніякіх здзекаў не было".
Дэпутатамі сталі кіраўнік перадвыбарнай групы Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (з 2014 года) Міхаіл Орда, а таксама старшыня Беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. Пасля яго паездкі на Данбас і фота ў джэмперы з літарай Z Міжнародны Чырвоны Крыж запатрабаваў ягонага звальнення. У Мінску звальняць Шаўцова адмовіліся, і беларускі Чырвоны Крыж застаўся без міжнароднай фінансавай падтрымкі.
Месца ў Палаце прадстаўнікоў таксама знайшлі для рэктара акадэміі кіравання і былога дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслава Даніловіча (з Інстытута яго звольнілі ў верасні 2020 года) і для былога старшыні камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея Рачкова. Дэпутатам зноў стаў Сяргей Клішэвіч — той самы, які прапаноўваў вазіць айцішнікаў з рыдлёўкамі ў Хатынь Месца ў ПП атрымала і актыўная абаронца рэжыму Лукашэнкі лёгкаатлетка Анастасія Мірончык-Іванова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.