Машына ДАІ, якая суправаджала аўтазак, збіла пешаходаў
22 лістапада ў Мінску машына ДАІ, якая суправаджала аўтазак, збіла дваіх пешаходаў. ДТЗ адбылося на пераходзе на праспекце Жукава.
Як паведамляе сталічная Дзяржаўтаінспекцыя ў сваім ТГ-канале, аўтамабіль ехаў з уключанымі пробліскавымі маячкамі і гукавым сігналам. Паводле звестак ДАІ, мужчына і жанчына пераходзілі вуліцу па рэгуляваным пешаходным пераходзе, але праігнаравалі сігналы ДАІ. У выніку адбылося ДТЗ.
Мужчына пры гэтым не пацярпеў. Жанчыну даставілі ў медустанову, дзе ў яе дыягнаставалі сіняк галёнкі. Пасля гэтага яе адпусцілі дадому.
У міліцыі паведамляюць, што здарэнне адбылося каля 16:10. У гэты час на вуліцы яшчэ светла. Аднак на фатаздымках, падпісаных "Фота з месца ДТЗ у момант афармлення" паказаны глыбокі вечар.
У ДАІ падкрэсліваюць, што іх машына заставалася на месцы ДТЗ да заканчэння неабходных мерапрыемстваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.