Мастак Мікола Купава змагаецца за аднаўленне аршанскага кляштара Базылянаў
Ураджэнец Оршы мастак Мікола Купава звярнуўся да грамадскасці з адкрытым лістом, у якім заклікае звярнуць увагу да праблемы адраджэння аршанскага кляштара Базылянаў. Мастак адзначае, што гаспадары гэтага помніка архітэктуры XVIII стагоддзя, які ўжо 10 год стаіць без даху і разбураецца, абсалютна абыякавыя да стану будынка. Рэстаўрацыя, распачаць якую абяцалі яшчэ ў красавіку, так і не пачалася.
Між тым, лічыць Купава, важна не толькі распачаць рэстаўрацыю, але і каб адноўлены вобраз кляштара быў такім, якім яго стварылі два з паловай стагоддзі таму. Як лічыць мастак, нярэдка самабытнасць беларускай архітэктуры бывае страчаная, калі рэстаўруюцца культавыя будынкі. Асабліва часта гэтак здараецца, калі іх аднаўляюць не ў першапачатковым абліччы, а ў пазнейшым — такім, якія яны былі пасля перабудовы, калі ў XIX стагоддзі “патрабавалася мяняць аблічча помнікаў, прыстасоўваючы іх да расійскай вобразнай сістэмы”.
“Нашы помнікі архітэктуры выглядалі імпазантна, узвышана, урачыста і велічна. У іх быў вельмі высокі дах, які і ствараў веліч помніка, яго шыкоўны выгляд”, — піша Мікола Купава. Прыкладам удалай рэстаўрацыі ён лічыць “будынак мінскага Базылянскага кляштара, які адноўлены ў 90-х гадах ХХ ст.”, і мяркуе, што “гэтая праца для аршанскіх рэстаўратараў з’яўляецца прыкладам”.
Мастак акцэнтуе ўвагу на тым, што архітэктурнага комплексу кляштара Базыльянаў нашы сучаснікі ніколі не бачылі: ён знік пасля перабудовы ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Таму “наша задача аднавіць яго паводле ўсіх правілаў рэстаўрацыі”, — рэзюмуе Мікола Купава.
Фота: svaboda.org