Мастак зрабіў твор з амапаўскіх шчытоў, а яго знялі з выставы
Працу мастака Сяргея Белавокага знялі з выставы "Трыенале сучаснага мастацтва", якая адчыняецца сёння ў Палацы мастацтваў у Мінску — "каб пазбегнуць магчымых правакацый". Пра гэта творца сам паведаміў у сацсетках.
Сяргей Белавокі — член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за 2017 год у намінацыі "Навацыя".
Выстава "Трыенале сучаснага мастацтва" праводзіцца па выніках рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва" ў 2019-2020 гг. У шорт-ліст конкурсу ў намінацыі "Актуальнае мастацатва" трапіла праца Белавокага "Вітраж-АТ".
Як бачна на фота, гэта некалькі амапаўскіх шчытоў, месцамі пабітых камянямі.
"Аднак за некалькі дзён да адкрыцця дырэкцыя конкурсу папрасіла мяне добраахвотна зняць працу, "каб пазбегнуць магчымых правакацый!", на што я адказаў катэгарычнай адмовай.
У выніку арганізатары выставы знялі маю працу з конкурсу з фармулёўкай (цытую): "Ваша праца на трыенале сучаснага мастацтва была прадстаўленая не ў поўным аб'ёме (у частцы адсутнасці камянёў як элемента твора)", — піша Белавокі.
Ён абураны і не згодны дзеяннямі дырэкцыі Рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва". На думку Белавокага, гэтыя дзеянні вяртаюць цэнзуру ў беларускае выяўленчае мастацтва і груба парушаюць артыкул 51 Канстытуцыі, які гарантуе свабоду мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.