У мінскай вадзе выявілі нафтапрадукты (дакумент)
У вадаправоднай вадзе ў Мінску выяўленыя нафтапрадукты. Гэта вынікае з дакумента, апублікаванага ў Telegram-канале Антона Матолькі. Дакумент падпісаны галоўным санітарным лекарам Мінска Нэлі Гіндзюк.
Ліст адрасаваны ў адміністрацыі Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў Мінска, а таксама ў сталічную ЖКГ. У дакуменце гаворыцца, што пробы вады, ўзятыя 24 чэрвеня, не адпавядаюць санітарным нормам па наступных паказчыках: пах пры 20 градусах і 60 градусах, перманганатная акісляльнасць, нафтапрадукты.
"У цяперашні час пітная вада не бясшкодная па хімічным складзе і не спрыяльная па арганалептычных уласцівасцях", — падкрэслівае санітарны лекар.
24 чэрвеня без чыстай вады засталіся Фрунзенскі і Маскоўскі раёны Мінска — каля 750 тысяч чалавек. 25 чэрвеня аб праблемах з вадой сталі паведамляць жыхары іншых раёнаў сталіцы.
Праверку з нагоды скаргаў мінчукоў пачала Генеральная пракуратура.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.