“Матылёк” Мікалая Пінігіна ў Мінску

Рэжысёр Мікалай Пінігін паставіў п’есу “Матылёк” у мінскім Тэатры юнага гледача. Пінігін — рэжысёр, якому глядач давярае, на яго спектаклі мінчукі ідуць з упэўненасцю, што выйдуць з тэатра як мінімум не расчараванымі, а часцей — акрыленымі.


І вось тэатралы дачакаліся яго новай прэм’еры — “Матылька”.

Палкоўнік падавіцца гарбатай, згубіць голас. Перапытае некалькі разоў і не паверыць. Шараговец Коля Лябёдушкін з пятай роты стаў дзяўчынай. З такога пераўвасаблення пачынаецца спектакль “Матылёк” Мікалая Пінігіна — знакавага для беларускага тэатра рэжысёра, на пастаноўкі якога мінчукі ходзяць па некалькі разоў.


Дзяўчына Лябёдушкін, якую грае Ганна Хітрык, распавядае, што адчувае ў сабе геній і жыць не можа без тэатра, палкоўнік намераны перарабіць яе назад у радавога, зала смяецца. Вось толькі пераўвасабленні на гэтым не сканчаюцца, і не палкоўнік вяртае радавога ў шэраг, а наадварот, сам абуджаецца. У клубе вайсковай часці граюць уначы Шэкспіра палкоўнік і шараговец, шыюць з фіранак касцюмы, запарваюць каву.


Але дамо слова рэжысёру.

Мікалай Пінігін: “Спектакль пра тое, як адна жывая душа запаліла другую душу, ужо не жывую, і зрабіла яе жывой. Адна душа запаліла другую, аддала ёй сваё святло і памерла. Вось і ўся простая формула.


Чалавек, які мае рэлігійную свядомасць, унёс святло ў душу іншага чалавека, які кажа ў пачатку спектакля: “Там холадна, і пуста, і нічога не будзе — за труною”, а ў канцы спектакля проста разумее, што з целам душа не памірае. Гэта нямала”

Даведка Еўрарадыё

Мікалай Пінігін — беларускі рэжысёр, які ўжо 8 гадоў працуе ў Пецярбургу. Там, у Вялікім драматычным тэатры імя Таўстаногава, ён паставіў спектаклі “№ 13”, “Касцюмер”, “Кацярына Іванаўна”, “АRT”, “Таленты і паклоннікі” і іншыя. У Беларусі спрабаваў стварыць уласны тэатр на пачатку 90-х, але яму не далі памяшкання, пасля ствараў тэатр-анрэпрызу “Мікола-тэатр”, які зараз не існуе. Найбольш вядомае з таго, што ён ставіў у нас — спектаклі “Тутэйшыя”, “Ідылія”, “АRТ” і “Сымон-музыка”.

Рэжысёр кажа, што паставіў гэтую п’есу для Ганны Хітрык. Раней, калі ён ставіў “Матылька” ў Пецярбургу, на першым плане была роля палкоўніка. Ён тлумачыць гэта не сваёй задумай, а тым, што Ганны Хітрык у Пецярбургу не было. Працягвае актрыса:

Ганна Хітрык: “Усе пяцьсот прац, што мы робім, насамрэч няважныя. Важна пражыць гэтае жыццё чыста і шчыра, і памятаць пра тое, што наперадзе новыя ролі, яшчэ шмат жыццяў. Чалавек — у гэтым выпадку палкоўнік — толькі ўжо старым і толькі згубіўшы гэтую дзяўчынку (гераіню), толькі тады зразумеў, што канкрэтна яна хацела яму сказаць.


Гэта драма чалавека. Чамусьці ўсё, што адбываецца з намі, мы разумеем толькі тады, калі нешта здараецца”.

“Мая п’еса ні ў якім разе не пра войска, а пра выратаванне чалавечай душы”, — кажа драматург Пётр Гладзілін. “Утапічная меладрама”, — адгукаюцца расійскія крытыкі.


“Адзін з найлепшых спектакляў у Мінску”, — сцвярджаюць некаторыя з тых, хто быў на здачы спектакля ў ТЮГу.


У спектаклі некалькі разоў гучыць маналог з п’есы, напісанай Лябёдушкіным. Спачатку ён дзівіць нас і падаецца недарэчным, пасля мы разумеем яго, а ў трэці раз, калі ўжо палкоўнік чытае яго замест малітвы, гэта адзінае, што пасуе сітуацыі. Чытае Ганна Хітрык:

Душа бессмертна. Она радуется каждому перевоплощению. Ибо тело есть только кокон, а душа твоя есть бриллиантовая стрекоза. Она освободится от кокона и будет сорок дней парить в околоземном эфире, слушая о любви к тебе, собирая силы для будущего путешествия.


Она пересечет океаны времени, и скоро твоя постоянная душа достигнет суши, и начнется новая жизнь. Ты побежишь босыми ногами по росе навстречу солнечному свету

Але трэба абараняць радзіму. Нават калі вы — бясплотная істота. Нават калі няма вайны. Нават калі вы ўжо не жывяце ў свеце ваенных дзеянняў, а лятаеце ў “бяззорным эфіры”. Вы чалавек, а значыць — адзінка соцыуму. Працягвае тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў:

“За кошт дамінавання Ганны Хітрык можна сказаць, што яна становіцца жаночай эманацыяй самаго рэжысёра Мікалая Пінігіна. Яго рэжысёрскія намаганні, пакуты разглядаюцца ў гэтым спектаклі вельмі падрабязна. Для такіх аўтабіяграфічных і спавядальных спектакляў Пінігін выбірае беларускія тэатры і беларускіх артыстаў”

У Мікалая Пінігіна, на жаль, няма свайго тэатру. Таму глядзіце прэм’еру “Матылька” ў мінскім Тэатры юнага гледача 6 і 8 лютага.

На здачы спектакля была Кацярына Буланава, Еўрапейскае радыё для Беларусі.


Фота Мікалая Пінігіна з сайту www.alpha-concert.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі