Мазырчук забіў суседзяў металічным шуфлікам, каб не аддаваць пазыку
Забойства ў Мазырскім раёне
35-гадовага жыхара Мазырскага раёна затрымалі па падазрэнні ў жорсткім забойстве суседзяў-пенсіянераў, паведамляе Следчы камітэт.
Дачка загінулай сямейнай пары знайшла целы бацькоў у абгарэлым доме. Следчыя з дапамогай экспертаў выявілі, што смерць пенсіянераў мае крымінальны характар, а дом быў падпалены, каб схаваць сляды асабліва цяжкага злачынства.
Жанчына была моцна збітая і, паводле высновы экспертаў, на момант пажару ўжо была мёртвая. Мужчына таксама меў множныя траўмы, але памёр ён ад атручвання чадным газам.
Следчыя выявілі, што іх забіў сусед металічным шуфлікам. На допыце мужчына расказаў, што неаднаразова звяртаўся да іх па дапамогу, у тым ліку пазычаў у суседзяў грошы. Сёлета ў канцы лютага ён пазычыў у суседкі 3000 расійскіх рублёў і абяцаў вярнуць на працягу некалькіх дзён. Своечасова вярнуць грошы мужчына не змог і прыйшоў да пенсіянеркі папрасіць адтэрміноўку. У размове жанчына выказала сваю незадаволенасць, што і падштурхнула фігуранта да нападу. Ён некалькі разоў стукнуў суседку металічным саўком па галаве і целе. На яе крыкі з пакоя выйшаў муж, які таксама стаў ахвярай нападу.
Потым сусед абшукаў дом і забраў усе грошы, якія знайшоў — крыху больш за 500 рублёў. Каб замесці сляды, мужчына падпаліў дом. Куртку са слядамі крыві ён схаваў, а крадзены кашалёк і скрываўленыя пальчаткі спаліў.
Паведамляецца, што раней да крымінальнай адказнасці мужчына не прыцягваўся, мае на ўтрыманні непаўналетняе дзіця.
Яго абвінавацілі ў забойстве з асаблівай жорсткасцю, крадзяжы і наўмысным знішчэнні маёмасці, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры.
Падазраванага ўзялі пад варту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.